ЗАПА́ЛКАВАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
галіна дрэваапрацоўчай прамысловасці, якая вырабляе запалкі. Адна з найб. механізаваных і аўтаматызаваных галін дрэваапр. прам-сці. Уключае апрацоўку драўніны (распілоўванне бярвення на цуркі і лушчэнне іх), выраб (са шпоны) і апрацоўку (парафінам) запалкавай саломкі, стварэнне запалкавай галоўкі, выраб запалкавых карабкоў (са шпоны або кардону), упакоўку запалак (па 50—60 шт. у 1 карабок), па 1000 карабкоў у скрынку. Вырабляецца паточным метадам.
Выраб запалак пачаўся ў многіх краінах у 1830-я г. Першая запалкавая ф-ка ў Расіі пабудавана ў Пецярбургу (1837). На Беларусі выраб запалак пачалі ў 2-й пал. 19 ст. У 1880 было 14 паўсаматужных ф-к. Выраблялі небяспечныя запалкі з прымессю белага фосфару (бяспечныя распрацаваны ў Швейцарыі ў 1855). У 2-й пал. 1920-х г. запалкі выраблялі ў гарадах Барысаў, Гомель, Рэчыца, Пінск. У Вял. Айч. вайну ф-кі разбураны. Пасля вайны працуюць Барысаўская і Пінская запалкавыя ф-кі, Гомельскі фанерна-запалкавы камбінат. Выпуск запалак складае 2029,1 тыс. умоўных скрынак (1996).
т. 6, с. 530
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)